• Чт. Ноя 21st, 2024

Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

Загадкі Чорнай панны з Нясвіжа, ці Дзе жывуць беларускія прывіды?

Пакой страху

Вяд. 1. Што можа мацней бударажыць кроў аматараў містыкі і таямніц, чым сярэднявечныя замкі? Вядома, замкі з прывідамі! Вы лічыце сябе скептыкам і не верыце ў легенды аб прывідах? Магчыма, гэты аповед пра самыя загадкавыя і містычныя месцы Беларусі, якія паслужылі натхненнем для нашых беларускіх пісьменнікаў, прымусіць вас перагледзець свае погляды.

(пад музыку чытаецца верш)

Вяд. 2. Чорны замак Альшанскі. Месяц нырае ў хмарах.

Вежы туманныя ў змроку сны аб мінулым мараць.

Слухаюць вецер золкі, вой далекі ваўчыны,

Слухаюць, як на мурах са страху трасуцца асіны…

 

У, як ціха і мёртва! У, які змрок глыбокі!

Ціха! Ты чуеш здалёку ў аркадах бязгучныя крокі!

Кожную поўнач такую ў замку, што стыне ад жаху,

Па галерэях праходзяць дама з чорным манахам.

                                                                   Уладзімір Караткевіч

Вяд. 1. Сярод рамантычных руінаў самымі анамальнымі лічацца Гальшаны. Там расхаджваюць Белая дама і Чорны Манах.

Паводле легенды, апісанай Уладзімірам Караткевічам у рамане “Чорны замак Альшанскі”, просты хлопец Грыміслаў Валюжыніч закахаўся ў прыгажуню з шляхетнага роду Ганну-Гардзіславу Гальшанскую. Для таемных сустрэч з замужняй дамай ён пераапранаўся ў манаха. Муж, які пазнаў пра здраду жонкі, забіў палюбоўнікаў, а Грыміслава замураваў у сцяну замка. Цяпер прывід няшчаснага, названы за яго адзенне Чорным манахам, з’яўляецца людзям у ясныя ночы ў выглядзе тонкага цёмнага сілуэту, бадзяецца па развалінах або мітусіцца на фоне акна ці якой-небудзь абваленай нішы. Кажуць, той, хто ўбачыў яго, можа прастаяць у прастрацыі не адну гадзіну, нават не заўважыўшы гэтага, і прыйсці ў сябе толькі на досвітку.

Вяд. 2. Праўда гэта ці не вырашаць вам. А зараз паспрабуйце адказаць на некалькі пытанняў па гэтай легендзе, выбраўшы з трох варыянтаў правільны.

(за правільныя адказы ўдзельнікі мерапрыемства атрымліваюць прызы)

  1. Як на думку Уладзіміра Караткевіча звалі князя Альшанскага з легенды?

-Вітаўт;

-Хведар;

-Мар’ян.

  1. З якога года Альшанскі род стаў самым багатым на Беларусі?

-з 1512;

-з 1481;

-з 1635.

Вяд. 1. 3. Дзякуючы чаму разбагацеў Альшанскі род?

-князь Пятро Альшанскі выдаў змову Міхаіла Алелькавіча князя Слуцкага і Хвёдара Бельскага супраць вялікага князя Казіміра;

-князь Вітаўт Альшанскі разрабаваў Кладзенскае староства;

-князь Пятро Альшанскі здушыў Гамшанскае паўстанне.

  1. Як звалі княжну Альшанскую ў дзявоцтве?

-Бельская;

-Слуцкая;

-Мязецкая.

Вяд. 2. 5. У якім годзе, на думку Уладзіміра Караткевіча, уцяклі Ганна-Гардзіслава Альшанская і Грыміслаў Валюжыніч?

-у 1590;

-у 1612;

-у 1421.

  1. Як звалі суддзю, якога назначыў кароль для рэвізіі маёнтка і прыбыткаў князя Альшанскага?

-Станкевіч;

-Вяземскі;

-Цяпінскі.

Вяд. 1. Нярэдка Чорнага манаха бачаць разам з іншым прывідам, якога называюць Белай дамай. 400 гадоў таму побач з Гальшанскім замкам будаваўся манастыр. Справа ўжо ішла да канца, калі дзіўным чынам павалілася адна са сцен. Муляры яе аднавілі, але яна зноў абрынулася. І так некалькі разоў. Тагачасны ўладальнік Гальшанскага замка Павел Сапега прыгразіў, што пакіне будаўнікоў зусім без аплаты, калі яны не выправяць сцяну. Памеркаваўшы, яны вырашылі, што тут не абышлося без тагасветных сіл і звярнуліся за дапамогай да варажбіткі, а тая сказала: каб манастыр не разбураўся, патрэбна чалавечая ахвяра.

Вяд. 2. Муляры доўга думалі, каго ж ім прынесці ў ахвяру і нават хацелі цягнуць жэрабя, але кожны працоўны быў на рахунку, а тэрміны ўжо падціскалі. Тады яны вырашылі прынесці ў ахвяру тую жонку, якая першая прынясе на будоўлю абед свайму мужу. Адзін з маладых рабочых нядаўна ажаніўся, і яго жонка кожны дзень першай прыходзіла карміць любімага мужа. Так выйшла і ў той дзень — баючыся спазніцца з абедам, яна з’явілася задоўга да іншых жанчын. Яе і замуравалі жывой у злапомнай манастырскай сцяне. Пасля гэтага ў будаўнікоў справы пайшлі на лад: сцяна больш не давала расколін, і будынак пабудавалі ў тэрмін. Затое з таго часу і блукае па манастыры і яго наваколлях непрыкаяная душа Белай дамы. Яна недалюбвае асабліва мужчын: убачыўшы яе, яны сівеюць і губляюць арыентацыю ў прасторы.

(чуецца плач прывіда)

Вяд. 1. Чуеце? Рыданні, стогны, плач.

Гэта здань Барбары Радзівіл…

Яе кароль так клікаў апантана.

Яна і прыляцела… нечакана…

(уваходзіць дзяўчына, пераапранутая ў Чорную панну з Нясвіжа)

Чорная панна. Баль адшумеў, і ціша навакол.

У чорным небе дрэмле ясны месяц,

Абліты цьмяным срэбрам лес і дол,

І болей не чутно птушыных песень.

Усімі зоркамі мяне цалуе ноч,

Ласкавы ветрык лашчыць, лашчыць грудзі,

І гладзіць цемра мне павейкі воч…

Я зведаю… чаго не зведаць людзям…

Вяд. 2. Добры вечар, паважаная панна. Чаму вы пакінулі Нясвіжскі замак і прыйшлі сюды?

Чорная панна. Калі размова заходзіць аб беларускіх прывідах, звычайна адразу ж успамінаюць мяне – самы знакаміты прывід краіны – Чорную панну з Нясвіжа. Ужо больш за 400 гадоў я блукаю па замку і не магу знайсці супакою, шукаю свайго каханага, польскага караля Жыгімонта Аўгуста.

Вяд. 1. Аб вашым каханні Аляксей Дудараў напісаў вельмі прыгожую і сумную п’есу “Чорная панна Нясвіжа”. Яшчэ да каранацыі Жыгімонта вы абвянчаліся таемна. І адкрылася гэта толькі тады, калі каралева-маці вырашыла выдаць свайго сына за адну з заморскіх прынцэс. Менавіта ў гэты момант вы, Барбара Радзівіл, і сталі перашкаджаць планам напышлівай і ўладнай свякрухі. У выніку зусім хутка вы і памерлі.

Чорная панна. (сумна) Каханне проста не даецца людзям,

Адзін агнём гарыць, другі яго астудзіць.

Шчаслівы той, хто некалі кахаў,

Бо ад яго дабрэйшым свет наш стаў.

Вяд. 2. Як правільна напісаў Аляксей Дудараў. Цікава, а наколькі добра нашы госці ведаюць гісторыю вашага кахання? Можа вы, паважаная панна, праверыце іх веды.

Чорная панна. Добра. Уважліва загадкі вы паслухайце мае.

(за правільныя адказы ўдзельнікі мерапрыемства атрымліваюць прызы)

  1. Мае браты — нясвіжскі князь і ваявода.

Як зваць вялікіх рода? (Радзівіл Чорны, Радзівіл Руды)

  1. А маці Жыгімонта, каралева,

якая атруціць мяне хацела? (Бона Сфорца)

  1. І колькі ў шлюбе пражыла,

Пакуль хвароба не ўзяла? (паўгода)

  1. А вось калі я памерла,

Хто дух мой патрывожыў, каб зноў прыйшла? (маг Твардоўскі і яго памочнік Мнішак)

  1. Чаму я засталася назаўсёды?

Што нарабіў муж мой родны? (кароль Жыгімонт дакрануўся да прывіда Барбары падчас спірытычнага сеансу)

Вяд. 1. Загадкі складаныя былі, але і шмат аб чым даведацца яны нам дапамаглі. Дзякуй вам, паважанная панна. Каралевай Польшчы Барбара Радзівіл была нядоўга, затое пасля смерці назаўсёды засталіся каралевай кахання.

Чорная панна. Развітацца надыйшоў нам час. Вяртацца ў Нясвіжскі замак прыйшла мне пара.

(Чорная панна сыходзіць пад плач прывід)

Вяд. 2. Свая Чорная дама блукае па авеяным легендамі Косаўскім палацы. Кажуць, што гэта вельмі далікатны і бяскрыўдны прывід, які зрэдку можа прыстрашыць тых, чые паводзіны ў сценах палаца здадуцца яму нахабнымі або грубымі.

Вяд. 1. Верагодна, прывід Чорнай дамы гэта графіня Ядвіга Пуслоўская. Яна была жонкай Вандаліна Пуслоўскага, які ўклаў у Косаўскі палац свае сродкі, веды і густ, так што пра палац казалі як пра адзін з выбітных у краі. Жонка адпавядала неардынарнай асобе свайго мужа, час ад часу даючы штуршкі яго нястомнай энергіі. Бясспрэчна, пара Пуслоўскіх жыла ў атмасферы раскошы. Аднак змена ў палацавым жыцці наступіла з прыходам новага гаспадара.

Вяд. 2. Наступны з роду Пуслоўскіх быў чалавекам схільным да азартных гульняў, шмат каму завінаваціўся і, нарэшце, быў вымушаны прадаць палац. Мабыць, такога ўчынку графіня Пуслоўская дараваць не змагла.

Вяд. 1. Чорная Дама зарэкамендавала сябе як самы прыстойны беларускі прывід, яна засёды на варце высокай маралі. Таму на экскурсію ці адпачынак у Косаўскі палац трэба адпраўляцца выключна са светлымі намерамі і думкамі.

(чуецца стук капыт і іржанне коней)

Вяд. 2. Самыя змрочныя прывіды ў ваколіцах Косаўскага палаца з’яўляюцца ў туманнай смузе ціхай месячнай ноччу. Здалёку даносяцца стук капыт і іржанне коней. Гэта імчыць паляванне караля Стаха, які да гэтай пары помсціць нашчадкам тутэйшага магната Рамана. Кажуць, што падзеі легенды, апісанай Уладзімірам Караткевічам у яго знакамітай аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”, адбыліся ў Косаўскім палацы, і змрочныя коннікі дзікага палявання дагэтуль палохаюць тут прыезджых.

Вяд. 1. “Не бразгаюць цуглі, моўчкі сядзяць у сёдлах прамыя постаці коннікаў. Вецер развейвае іх валасы, плашчы, грывы коней, і самотная гострая зорка гарыць над іхнімі галовамі. У жахлівым маўчанні шалёна скача над зямлёю дзікае паляванне караля Стаха…” (Уладзімір Караткевіч “Дзікае паляванне караля Стаха”)

/ урывак з фільма “Дикая охота короля Стаха” (з’яўленне дзікага палявання караля Стаха) /

Вяд. 2. Наколькі добра вы памятаеце гэту легенду зараз мы і пабачым.

(за правільныя адказы ўдзельнікі мерапрыемства атрымліваюць прызы)

  1. Хто такі кароль Стах? (малады князь з беларускай шляхты, які абвясціў сам сябе каралём)
  2. Як звалі князя, які спачатку не падтрымаў караля Стаха? (Раман Яноўскі)

Вяд. 1. 3. Куды запрасіў Раман Яноўскі караля Стаха з яго світай? (на паляванне)

  1. Як расправіўся князь Яноўскі са світай караля? (атруціў віном)

Вяд. 2. 5. Як быў забіты сам кароль Стах? (Раман Яноўскі апусціў корд на патыліцу караля Стаха)

  1. Успомніце, які праклён наклаў на род Яноўскага за здраду кароль Стах (паляванне караля Стаха будзе з’яўляцца нашчадкам Яноскага да дваццатага калена і помсціць бязлітасна).

(чуюцца воплескі вады)

Вяд. 1. Нямала легенд звязана з замкам у Міры. Зрэшты, як і ў выпадку з Гальшанамі, найбольш цікавая з іх звязана не з самім замкам, а з раскошным возерам, размешчаным побач.

Вяд. 2. Аддаўшы загад выкапаць сажалку пад сценамі Мірскага замка, адзін з яго ўладальнікаў, Мікалай Святаполк-Мірскі, наўрад ці здагадваўся, якія наступствы, перш за ўсё для яго сям’і, будзе мець гэты ўчынак. Падчас высечкі саду па трагічнай выпадковасці загінула некалькі лесарубаў. А праз некаторы час маці аднаго з загінуўшых пракляла двараніна, сказаўшы, што з гэтага моманту кожны год у сажалцы будуць тануць людзі, і працягвацца гэта будзе да той пары, пакуль колькасць мерцвякоў не зраўняецца з колькасцю высечаных дрэў.

Вяд. 1. У ліку ахвяраў апынулася і маладая дачка гаспадара Соня. Местачкоўцы перакананы, што менавіта яе прывід у белым адзенні час ад часу блукае ў ваколіцах замка. Прывід бачылі і ў парку, і ў галерэях, і ў пакоях Мірскага замка. А тануць ў сажалцы працягваюць да гэтага часу.

Вяд. 2. У Мірскім замку жыве яшчэ і прывід Радзівіла. Яго цёмны сілуэт бачылі не раз, і некаторым людзям такая сустрэча каштавала жыцця. Кажуць, гэта адзін з прадстаўнікоў магутнага роду апякае свае скарбы, нібыта схаваныя ў сутарэннях замка. Іх знойдзе той, хто адважыцца загаварыць са змрочным прывідам. Не выключана, што за ім стаіць фігура Дамініка, які апошнім з Радзівілаў валодаў Мірскім замкам.

Вяд. 1. Чатыры валуны-абярэгі вакол Крэва не здолелі прадухіліць з’яўлення ў ваколіцах прывідаў і нячыстай сілы. Перш за ўсё, наведвальнікам Крэўскага замка раім старанна прыслухацца.

(чуюцца ляск ланцугоў, стук молата па кавадле, тупат, водгукі спеваў прачкі)

Вяд. 2. Ёсць верагоднасць, што дачакаўшыся цемры, вы ўбачыце Крэўскіх прывідаў. Гэта альбо мужчынскія цені — духі тых, хто забіў князя Кейстута па заданні Альгерда, альбо постаць жанчыны, якая нетаропка рухаецца па сценах замка і скідае ўніз камяні. За ёй ідзе сабачка.

Вяд. 1. Аб забойстве князя Кейстута Мікола Арочка напісаў змрочную і трывожную паэму “Крэва”.

Мы замкі навучыліся ўзводзіць

І бурыць –

Хопіць на вякі развалін,

Спавітых болем, таямніцамі

Ваяцкіх спраў…

Апырсканых крывёю…

                           (урывак з паэмы М. Арочка “Крэва”)

Вяд. 2. Князь Кейстут быў родным дзядзькам вялікага князя Альгерда і не заўсёды ўхваляў яго рашэнні. Дзеля свайго спакою Альгерд аддае загад захапіць у палон Кейстута і яго сына, свайго стрыечнага брата Вітаўта. У Крэве ў 1382 годзе, па загаду вялікага князя, Кейстут быў задушаны.

Я, мусіць, тут апошні розум свой

Згублю… Якіясь шэпты, галасы

Вярзуцца майму слыху…

Што за ноч?!

Ноч змрочных прадчуванняў!..

                           (урывак з паэмы М. Арочка “Крэва”)

Відаць такі ж лёс быў угатаваны і Вітаўту, калі б ён не збёг, перапрануўшыся ў аддзенне служанкі сваёй жонкі Ганны.

Вяд. 1. Знакаміты крэўскі прывід — жанчыну з сабачкай — мясцовыя жыхары завуць князёўнай. Кажуць, была яна залішне ганарлівай і, згодна з легендай, стала прычынай паядынку двух маладых князёў. На прапанову пераможцы стаць яго жонкай дзяўчына дала адмоўны адказ, чым наклікала на сябе княжацкі гнеў. У сцяну яе замуравалі разам з сабачкам, прывід якога па гэты дзень суправаджае гаспадыню падчас начных блуканняў.

(чуюцца гукі бітвы на мячах)

Вяд. 2. Прывіды воінаў, вядома ж, месцам свайго пражывання абралі збудаваны вялікім князем Гедымінам для абароны ад крыжакоў Лідскі замак.

Вяд. 1. Падзеі легенды, якая дала жыццё Лідскім прывідам, адбываліся ў снежні 1392 года. Маразы дапамаглі крыжакам — па скаванай лёдам вадзе ворагам удалося максімальна наблізіцца да непрыступных сцен. У Лідскім замку ў той час знаходзіўся князь Дзмітрый Карыбут. Маючы падрыхтаваную дружыну, дастатковую колькасць зброі і харчоў, князь, тым не менш, прымае рашэнне пакінуць замак.

Вяд. 2. Наступіла ноч. Скарыстаўшыся падземным ходам, князь з большай часткай дружыны накіроўваецца ў бок Навагрудка. У замку Дзмітрый Карыбут пакідае некалькіх воінаў. Яны мужна выканалі волю гаспадара і сустрэлі немінучую смерць, абараняючы замак. І вось ужо сем стагоддзяў ваяры не сыходзяць са сваёй пасады, працягваючы трымаць абарону, незнарок палохаючы сучасных наведвальнікаў Лідскага замка.

Вяд. 1. А вось у Любчы можна нават адхапіць ад прывіда па карку. Магнат Ян Кішка, які адкрыў у XVI стагоддзі ў мястэчку малельны дом, друкарню і школу і выпрасіў яму Магдэбургскае права і ўласны герб, па-ранейшаму дбае пра свае ўладанні. Валанцёры, якія аднаўлялі Любчанскі замак, атрымалі містычнага прараба: прывід і да работ прыдзіраўся, і па карку адважваў, калі яго паміналі нядобрым словам. Навогул, з апекунамі Любчы пашанцавала невымоўна, таму што акрамя патрона-магната яе засцерагае змей. Цмок, па легендзе, загінуў, калі абараняў абложаны горад, а цяпер лунае паблізу, працягваючы тагасветны кантроль.

(чуецца шум галасоў)

Вяд. 2. Нашы беларускія прывіды жывуць у палацах і руінах старажытных замкаў, падземнымі калідорамі ходзяць адзін да аднаго ў госці, сумуюць, забаўляюцца і кпяць над цікаўнымі турыстамі. І калі вы не баіцеся іх, то смела адпраўляйцеся ў падарожжа па замках з прывідамі. Хто ведае, можа менавіта ў вас атрымаецца даказаць, што гэта не проста легенда або байка, а самая што ні на ёсць праўдзівая гісторыя.

Вяд. 1. А калі вас палохае сустрэча з імі, то пазнаёміцца з прывідамі бліжэй вам дапамогуць творы беларускіх пісьменнікаў: Уладзіміра Караткевіча, Аляксея Дударава, Людмілы Рублеўскай, Яна Баршчэўскага, Зміцера Дзядзенкі, Юрыя Татарынава і многіх іншых. Чытайце і падарожнічайце!

Складальнік: намеснік дырэктара ДУК “Пружанская ЦБС” Кумакова В.В.

Крыніцы.

  1. Арочка, М. Курганне. Крэва : драматычныя паэмы / Мікола Арочка. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1982. – 174 с. : іл.
  2. Беларусь мистическая : гайд по паранормальному : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://34travel.me.
  3. Занько, Н. ТОП-10 привидений Беларуси : по Брестской крепости бродит дух Белой монахини, а по замку в Крево — призрак дамы с собачкой : [Электронный ресурс] / Настасья Занько. – Режим доступа : https://www.kp.by.
  4. Караткевіч, У. Дзікае паляванне караля Стаха : аповесць ; Зямля пад белымі крыламі : нарыс : для ст. шк. узросту / Уладзімір Караткевіч ; прадм. А. Расінскага. – Мінск : Маст. літ., 2008. – 493 с. – (Бібліятэка школьніка).
  5. Караткевіч, У. Чорны замак Альшанскі : раман, аповесць / Уладзімір Караткевіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1983. – 359 с. : іл.
  6. Крэва : [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа : https://azarkinm.livejournal.com.
  7. Легенды Гольшанского замка : [Электронный ресурс]. — Режим доступа : https://planeta.by.
  8. Легенды замков Беларуси : три замка и шесть привидений : [Электронный ресурс]. — Режим доступа : https://my-travel-diary.by.
  9. «Призрачно всё» : где живут белорусские привидения : [Электронный ресурс]. — Режим доступа : https://bolshoi.by.
  10. Садовский, В. Здесь можно снимать фильмы ужасов. 10 мистических и загадочных мест Беларуси : [Электронный ресурс] / Владимир Садовский. – Режим доступа : https://news.tut.by.
  11. Топ-10 белорусских замков с легендами о привидениях : [Электронный ресурс]. — Режим доступа : https://nn.by.
  12. Чорная панна Нясвіжа : зб. бел. драматургіі : для ст. шк. узросту / склад. К.І. Лабецкая. – Мінск : Беларус. энцыкл. імя П. Броўкі, 2013. – 264 с. – (Школьная бібліятэка).

Поделиться новостью: