• Сб. Май 4th, 2024

Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

Таямніца магнітнага замка

Квэст-рум па кнізе Сержа Мінскевіча “Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка”

 

(квэст праходзіць на абанеменце, на дзвярах якога вялікая выява замка. На абанеменце аформлена выстава “Таямніцы замкаў”, на якой прадстаўлены прыгодніцкія кнігі, дзеянне ў якіх адбываецца ў розных замках: і рэальных, і чароўных. Дзяцей сустракаюць вядучыя пераапранутыя ў яснапан)  

Вяд. 1. Добры дзень, будучыя віцязі і яснапанны! Запрашаем вас разгадаць таямніцу магнітнага замка і перамагчы Жалобную Каралеву Паляндру. Ведаеце хто гэта? (дзеці адказваюць)

Вяд. 2. Паляндра – уладарка гора і смутку. Яна заўсёды прагне людскога гора. Жыве Жалобная Каралева ў Чорным балоце, у самай багне. А служаць ёй чорныя чаплі, якія хапаюць для сваёў уладаркі людзей, ператвараюць у цені і кідаюць у вязніцу пад церамам Паляндры.

Вяд. 1. Ці адважыцеся вы адправіцца ў далёкае і небяспечнае падарожжа, каб выратаваць людзей і пакараць Паляндру за яе злачынства? (дзеці адказваюць)

Добра. Тады слухайце, каб перамагчы Паляндру вы павінны адшукаць чароўную ядвабніцу і дастаць плод шчасця, паспытаўшы які Жалобная Каралева захварэе і болей не будзе нікога крыўдзіць. Расце дрэва далёка на поўдні на паўвыспе Дарвіт, якая выступае ў Вечаровае мора. І спачатку вам патрэбна пераплыць Вечаровае мора. У гэтым вам дапамогуць рыбакі са Светлых Азёр.

Вяд. 2. Толькі за гэта яны просяць вас сабраць рыбу, якая параскідана па ладдзі (вядучая абводзіць вакол рукой). Хто больш за ўсіх знойдзе рыбы, атрымае салодкі прыз (дзеці шукаюць папяровыя рыбкі па абанементу).

Вяд. 1. Малайцы! Рыбакам мы дапамаглі і адпраўляемся ў плаванне. Уявіце сабе, што мы  на рыбацкай ладдзі плывем разам з рыбаком Палямонам і яго сынамі Халямонам і Санцелямонам. І яны вырашылі нас правесці па сваёй ладдзі і расказаць, дзе што знаходзіцца і як называецца.  Як добра вы зразумелі бы іх аповед, мы зараз і праверым.

Вяд. 2. Мы назавем вам часткі ладдзі на беларускай мове, а вы нам іх на рускай мове. Зразумела? (дзеці адказваюць) Пачнем:

Шчогла (мачта), ветразь (парус), стырно (бразды), снасці (снасти),

 Вяд. 1. нерат (сеть), карма (корма), вясло (весло) (дзеці адказваюць і атрымліваюць прызы). Вельмі добра вы адказвалі і рабакоў парадавалі.

Вяд. 2. І вось прыплылі мы разам з рыбакамі да паўвыспе Дарвіт у бухту Гняздо Рыб. Падняліся на гару і ўбачылі тры старыя ядвабніцы. Нажаль яны былі амаль засохлыя. А што рабіць, калі дрэва засыхае (дзеці адказваюць). Так, паліць яго. Але спачатку трэба ваду прынесці. Што мы зараз з вамі і зробім.

(вядучыя ставяць два вядры насупраць кожнага крэсла, на якіх стаяць міскі з вадой і сталовымі лыжкамі)

Вяд. 1. Зараз падзяліцеся на дзве каманды і станьце кожная каля свайго крэсла. Ваша задача: па чарзе перанесці ваду ў лыжках у сваё вядро. Перамагае тая каманда, якая зробіць гэта хутчэй.

(каманды пад музыку пераносяць ваду, пераможцы ўзнагароджваюцца)

Вяд. 2. Вось мы і палілі ядвабніцы і на іх з’явіліся кветкі, а потым завязі і ягады. На адной ягады жоўтыя, на другой – чырвоныя, а на трэцяй – цёмна-фіялетавыя. Якія ж з іх ягады шчасця? (дзеці адказваюць) Цяжкае пытанне, але нам падкажа вельмі разумны кот Міамурмарор (паказваючы на вялікую выяву ката на выставе). Толькі ён любіць павучаць і дапамагаць тым, хто хоча павучацца. І таму ён будзе правяраць наколькі вы здагадлівыя. Паспрабуем адгадаць яго загадкі — слухайце ўважліва (дзеці адказваюць).

Вяд. 1. Дзве галавы, кожная з жыватом,

Шэсць ног, але з адным хвастом.

Што гэта? (вершнік)

Вяд. 2. Еду, еду,

Ні дарогі, ні следу… (карабель)

Вяд. 1. Мы скакалі цэлы дзень

І зямны спаткалі цень.

І гэта? (ноч)

Вяд. 2. Якія вы разумныя і здагадлівыя! Кот Міамурмарор вельмі задаволены вамі і падказвае нам, што дрэва шчасця з жоўтымі ягадамі. Засталося толькі сарваць. Вось толькі яны высока і дабрацца да іх цяжка. Хто з вас самы смелы? (вядучая выбірае трох жадаючых і паказвае на абанеменце кожнаму тое месца, дзе патрэбна дабрацца скрозь абвітыя вяроўкамі стэлажы да папяровых ягад ядвабніцы)

Вяд. 1. Вы павінны прайсці да ягад, не дакранаючыся да вяровак (ветак ядвабніцы) і забраўшы іх вярнуцца таксама вельмі акуратна назад. Гатовы? (дзеці адказваюць) Пачынаем (дзеці пад музыку дабываюць ягады ядвабіцы, атрымліваюць салодкія падарункі).

Вяд. 2. Добра, ягады у вас і мы адпраўляемся да Жалобнай Каралевы Паляндры. Ідзем, ідзем, доўга ідзем, стаміліся і ўбачылі магнітны замак. Можа там нам крыху адпачыць? Зойдзем? (дзеці адказваюць)

І вось мы ў магнітным замку, які названы так таму, што сцены яго прыцягваюць жалеза. А гаспадарыць у ім маг Ніціч – Уладар Навальніц. Ён кажа, што ісці нам яшчэ вельмі доўга, але ёсць спосаб хутчэй дабрацца да Чорнага балота Паляндры.

Вяд. 1. Як? Маг Ніціч скажа потым, а спачатку ён прапануе вам пагуляць у ігральныя косці. Правілы простыя: два гульцы па чарзе кідаюць кубік тры разы. Хто больш з іх выкіне ў суме, той і перамог. Пагуляем (два жадаючыя гуляюць у ігральныя косці, пераможцы ўзнагароджваюцца).

Вяд. 2. Маг Ніціч задаволены, што ігральныя косці не зацягнулі вас і прапануе нам зараз паляцець на лятучых шчытах уздоўж “магнітычных” струменяў да Чорнага балота. Паляцім? (дзеці адказваюць)

Вяд. 1. Добра, тады падзяліцеся на дзве каманды. Станьце ў дзве шарэнгі. У кожнай камандзе будзе свой “лятучы” шчыт, на якім па чарзе вы і “даляціце” да балота  (вядучыя выносяць два кардонныя шчыты). Каманда, якая “прыляціць” хутчэй, будзе ўзнагароджана. Паляцелі! (дзеці па аднаму сядаюць на шчыт і адштурхваючыся рукамі, дабіраюцца да процілеглага боку і перадаюць шчыт наступнаму гульцу. Пераможцы ўзнагароджваюцца)

Вяд. 2. Вось мы і на Чорным балоце. І каб прайсці нам гэта жудаснае месца, неабходна да “чорных” самотных слоў падабраць “светлыя” радасныя словы (іх антонімі). Справіцеся? (дзеці адказваюць) Тады слухайце ўважліва:

Вяд. 1. Смутак — (радасць),

Сквапнасць – (шчодрасць),

Мала – (многа),

Пуста – (поўна),

Мёртвы – (жывы),

Вяд. 2. Кароткі – (доўгі),

Павольна – (хутка),

Брудны – (чысты),

Маленькі – (вялікі),

Баязлівасць – (адвага).

Вяд. 1. Вельмі хутка вы адказвалі і балота прайшлі. Падыйшлі мы з вамі да выспы, на якой узвышаецца чорны церам Паляндры. І зараз вы павінны зрабіць няпросты выбар: атруціць Жалобную Каралеву ці паспрабаваць дамовіцца з ёй. Што вы зробіце? (дзеці адказваюць)

Вяд. 2. Калі мы атруцім Паляндру, то самі не зможам вызваліць яе палонных. Бо вязніцы забітыя яловымі калодамі. Калоды пусцілі тоўстыя карані. А карані перапляліся і глыбока ў зямлю ўраслі. У нас не хопіць моцы вырваць гэтыя калоды. Таму прапануем вам дамовіцца з ёй. Жалобная Каралева хоча, каб мы з ёй пасябравалі і наведвалі яе раз-пораз, тады ёй не будзе так самотна.

Вяд. 1. Згодны вы стаць для Паляндры прыёмнымі дачкамі і сынамі? (дзеці адказваюць) Вельмі добра! Тады яна выпусціць са сваёй вязніцы ўсіх людзей і жывёл. А вас Жалобная Каралева пачастуе за добрыя сэрцы і вашу кемлівасць (вядучыя раздаюць усім удзельнікам квэста салодкія падарункі).

Вяд. 2. Дзякуй вам за ўдзел у нашай гульні! Заўсёды памятайце, што гора і смутак можна пераадолець разам, дапамагаючы адзін аднаму і нават сама Жалобная Каралева Паляндра шчыра ўсміхнецца і перастане тужыць. Добрых і светлых вам дзён! Да пабачэння!

Складальнік: намеснік дырэктара ДУК “Пружанская ЦБС” Кумакова В.В.

Крыніца.

  1. Мінскевіч, С.Л. Усмешка Жалобнай Каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка : аповесць легендарных часоў : для сярэд. і ст. шк. узросту / Серж Мінскевіч ; маст Наталля Сустава. – Мінск : Маст. літ., 2013. – 270 с.

Поделиться новостью: