Людміла Міхайлаўна Яроцкая (у дзявоцтве Кукса) нарадзілася 22 сакавіка 1961 г. у в. Смаляніца Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Бацька Міхаіл Савельевіч Кукса працаваў механізатарам у калгасе «Восход», у вольны час любіў плясці з лазы кошыкі, вязаць венікі. Маці Ганна Аляксееўна многа гадоў працавала санітаркай у ФАПе, прыгожа вязала сурвэткі і карункі, добра валодала ткацкім станком і ткала дываны.
Людміла вучылася ў Смаляніцкай базавай школе (1968–1976), Хараўскай сярэдняй школе (1976–1978). Пасля заканчэння дзесяцігодкі працавала на Пружанскім заводзе радыёдэталей. У 1979 г. паступіла ў Брэсцкае ПТВ № 90 лёгкай прамысловасці на спецяльнасць «швачка», якое скончыла у 1982 г. Працавала на Пружанскай фабрыцы індывідуальных заказаў (1982–1984). У 1984 г. выйшла замуж і вярнулася ў родную вёску, дзе працавала швачкай у камбінаце бытавога абслугоўвання.
З дзяцінства Людміла Яроцкая пачала займацца вышываннем, замілоўвалася беларускай народнай песняй. Больш за трыццаць гадоў (з 1987 г.) удзельнічала ў народным аматарскім аб’яднанні «Смаляначка». Канцэртныя вышытыя касцюмы членаў аб’яднання таксама справа яе «залатых» рук.
Людміла Міхайлаўна – патомны майстар па ткацтву, вышывае гладдзю і крыжыкам, займаецца рэканструкцыяй народнага касцюма сваёй вёсцы. У яе калекцыі захоўваюцца некалькі касцюмаў, вырабленных яе маці, свякрухай і бабулей. Таксама вядомая смаляніцкая каравайніца. Яна нават заваявала першае месца ў конкурсе караваяў, што праходзіў у рамках фестывалю ў Гайнаўцы (Польшча; 2011). У 2023 г. стала адной з удзельніц стварэння кнігі «Пружанская кулінарыя», а потым прэзентавала выраб унікальнай мясцовай стравы – бацваноў – у тэлепраекце «Беларуская кухня».
З 13 студзеня 2023 г. Л. М. Яроцкая з’яўляецца кіраўніком народнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Смаляначка» Навасёлкаўскага сельскага Дома культуры. У студыі займаюцца работнікі сферы культуры і адукацыі, пенсіянеры, майстры народнай творчасці, вывучаюць розныя віды творчасці: ткацтва, вышыўка гладдзю і крыжыкам, ткацтва ходнікаў і паясоў, выраб абярэгаў і сувеніраў, рэстаўрацыя народнага касцюма. Асноўная дзейнасць – папулярызацыя народнай творчасці і зберажэнне традыцыйнай культуры рэгіёна.
Л. М. Яроцкая з’яўляецца прадаўжальнікам і папулярызатарам традыцый мясцовага ткацтва і вышыўкі (гладзь, крыжык). Яна зберагае навыкі і прыёмы, атрыманыя ад продкаў, збірае прадметы народнай творчасці, якія прадстаўляе ў этнаграфічным кутку СДК. Перадае свае веды маладому пакаленню ў гуртку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў клубнай установе, а таксама з’яўляецца захавальнікам многіх мясцовых абрадаў, аўтэнтычнага песеннага і танцавальнага фальклору, кулінарнай культуры і інш.
Шмат увагі надае развіццю навыкаў народнага рамяства, арганізацыі выстаў, правядзенню майстар-классаў па адраджэнні народнай творчасці. Яна даўно атрымала народнае прызнанне за сваё майстэрства, з’яўляецца пастаянным удзельнікам раённых, абласных, рэспубліканскіх выстаў, конкурсаў, фестываляў. Людміла Яроцкая ў складзе фальклорнага гурта «Смаляначка» прымала ўдзел у запісу абрада «Запускі» для праграмы «Берасцейская скарбніца» на тэлеканале «Беларусь 4» (2019).
Вышывала ручнік Пружанскага раёна на абласное свята «Дажынкі-2022». У 2023 г. Людміла Міхайлаўна ўдзельнічала ў рэспубліканскім праекце «Культурная спадчына Беларусі» па стварэнні мастацкага твора «Карта Беларусі», дзе яна вышывала элемент Пружанскага раёна. Вышывальшчыца ўвасобіла голуба – птушку з карціны на шкле народнага майстра Беларусі Марыі Мікалаеўны Кулецкай.
24 лютага 2023 г. у філіяле «Мастацкі музей» Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея праходзіў выставачны праект «Брэстчына этнаграфічная: Пружанска-Камянецкі край». Ад Пружанскага раёна былі прадстаўлены народныя касцюмы, сабраныя з розных вёсак Пружаншчыны, а таксама касцюмы, сабраныя студыяй «Смаляначка». Некаторыя з іх былі рэканструяваны па ўспамінах і фотаздымках жыхароў вёскі ўдзельнікамі студыі «Смаляначка» і менавіта Людмілай Міхайлаўнай.
Падчас рэспубліканскага спартыўна-культурнага фестывалю «Вытокі» (Пружаны; 6–8 чэрвеня 2024 г.) шмат работ Людмілы Міхайлаўны, яе маці і бабулі, а таксама твораў мясцовых ткачых былі прадстаўлены на выставе «Традыцыйнае беларускае ткацтва: скарбы пружанскіх куфраў». У сакавіку 2025 г. з яе творчасцю пазнаёміліся ўдзельнікі рэспубліканскага семінара-практыкума «Захаванне гістарычнай памяці і культурнай спадчыны праз пераемнасць пакаленняў», які праходзіў на базе Пружанскага раёна.
У скарбонцы майстрыхі шмат узнагарод за зберажэнне і развіццё традыцыйнай культуры. Не аднойчы дзейнасць Людмілы Міхайлаўны адзначалася падзячнымі лістамі і граматамі аддзела культуры Пружанскага райвыканкама. У 2007 г. адзначана Ганаровай граматай за ўдзел у абласным свяце-конкурсе ткацтва, вышыўкі і народнага касцюма «Узор дзівосны на палатне і кроснах» у г. Іванава. У гэтым жа годзе прымала ўдзел у святочным праекце «Ручнік-абярэг» падчас ІІ Абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору «Галасы Палесся» (Іванава), дзе таксама атрымала Ганаровую грамату. Узнагароджана Граматай Брэсцкага аблвыканкама (2014).
За актыўны ўдзел у абласным туры ХІV Рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў «Не стареют душой ветераны» (2018) атрымала Грамату Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама. Узнагароджана дыпломам аддзела культуры Пружанскага райвыканкама за ўдзел у фальклорным свяце «Аранчыцкая скарбонка» (2019), Граматай упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама за ўдзел у абласным туры ХІІІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур «Суквецце культур» (Маларыта; 2019).
Стала пераможцай раённага конкурсу «З крыніц спрадвечных» у г. Ляхавічы (2020). За актыўную жыццёвую пазіцыю, высокі прафесіяналізм, асабісты ўклад па зберажэнні нацыянальна-культурнай спадчыны Л. М. Яроцкая адзначана Ганаровай граматай Пружанскага раённага Савета дэпутатаў (2021). За вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Пружаншчыны, высокі прафесіяналізм і актыўную грамадскую дзейнасць занесена на раённую Дошку гонару (2022).
Рашэннем экспертнай камісіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь 11 снежня 2024 г. Л. М. Яроцкай прысвоена званне «Народны майстар Рэспублікі Беларусь» (ткацтва, вышыўка). Падчас святкавання Дня працы ў 2025 г. старшыня райвыканкама М. М. Грышкевіч урачыста ўручыў Людміле Міхайлаўне пасведчанне народнага майстра Рэспублікі Беларусь.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф ААіІ
- Пракаповіч, Н. С. Майстар з народу : [Л. М. Яроцкая з в. Смаляніца атрымала пасведчанне Народнага майстра Рэспублікі Беларусь] / Наталля Пракаповіч // Раённыя будні. Пружаны, 2025. 31 мая. С. 10.
- Сядова, І. Наш крылаты сімвал : [удзельніца аматарскага аб’яднання «Смаляначка» Людміла Яроцкая робіць вышыўку для пано «Карта Беларусі»] / Ірына Сядова // Раённыя будні. Пружаны, 2023. 13 мая. С. 9.
- Зялевіч, А. Калі душа спявае… : [пра ўдзельніцу аматарскага аб’яднання «Смаляначка» Л. М. Яроцкую, якая занесена на раённую Дошку гонару] /Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2022. 28 мая. С. 1, 5.
- Часавіціна, Н. Не забывацца пра карані : [пра работу Навасёлкаўскага СДК па захаванні народнай творчасці] / Наталля Часавіціна // Сельская газета. 2019. 8 августа. С. 12.
- Хадаровіч, Г. Спявае «Смаляначка» : [фальклорны гурт «Смаляначка»] / Ганна Хадаровіч // Раённыя будні. Пружаны, 2010. 9 кастрычніка. С. 3.
Рэгіён:
Пружанскі раён
Смаляніца
Навасёлкі
Імёны:
Яроцкая Людміла Міхайлаўна
Прадметы:
Народныя майстры