Казімір Велікаселец нарадзіўся 5 мая 1945 г. у в. Стараволя Шарашоўскага (з 1956 г. Пружанскага) раёна Брэсцкай вобласці. Яго глыбокая вера фарміравалася з маленства, хоць касцёл у вёсцы закрылі ў 1948 г. Да першай споведзі і святой камуніі хлопчыка рыхтаваў бацька і ў дзесяцігадовым узросце адвёз яго на веласіпедзе ў бліжэйшы касцёл у Кобрын – гэта 60 км у адзін бок.
Сям’я слухала па радыё святую імшу на польскай мове. У юнацтве Казімір вывучыў на памяць Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі. І, калі яго прызвалі ў Савецкую армію, чытаў яе штодня: калі засцілаў ложак раніцай ці калі клаўся спаць пасля адбою. Служыў Казімір Велікаселец у Гродна ў танкавых войсках.
Пасля арміі працаваў на будоўлі ў Вільні. Там жа пазнаёміўся з братамі-дамініканцамі, у далейшым прынёс у ордэне першыя манаскія шлюбы. Першапачаткова хацеў паступаць у медыцынскі інстытут, падаў туды дакументы, але працягваў сумнявацца ў прызванні. Тады звярнуўся да Панны Марыі праз Вострабрамскі абраз з просьбай дапамагчы вызначыцца. Узамен паабяцаў на працягу года штодня ўдзельнічаць у святой імшы. Аднойчы падчас пілігрымкі да абраза Маці Божай у Шылуве пачуў заклік паступаць у семінарыю.
Шлях да святарства быў няпросты. Тры гады ўлады не давалі Казіміру магчымасць паступіць у Рыжскую семінарыю. Вярнуўшыся ў БССР, у канспірацыі рыхтаваўся да паступлення. Двойчы ездзіў у Маскву з просьбай дазволіць яму паступіць у семінарыю. У выніку дамогся гэтага дазволу і ў 1981 г. быў прыняты ў Рыжскую семінарыю адразу на трэці курс.
Пасля заканчэння семінарыі ў 1984 г. прыняў сан святара, быў накіраваны ў парафію ў Ішкалдзі Баранавіцкага раёна. Святар Казімір абслугоўваў пяць парафій – гэта значыць, што ў нядзелю трэба было служыць пяць святых імшаў! Цікава, што гэтыя парафіі былі ў памежных вёсках Брэстчыны, Гродзеншчыны і Міншчыны. Атрымліваецца, што за адзін дзень ён бываў адразу ў трох абласцях. Акрамя пастырскага служэння, займаўся рэстаўрацыяй і рамонтам святыняў. У цэлым, адкрыў або аднавіў працу каля дзесяці парафій.
У 1992 г. ён быў прызначаны Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі. Адначасова выконваў абавязкі дэкана Баранавіцкага дэканата і пробашча храма Узвышээння Святога Крыжа ў Баранавічах. 6 мая 1999 г. Папа Рымскі Ян Павел ІІ прызначыў яго дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі. У тым жа годзе ён атрымаў біскупскае пасвячэнне з рук кардынала Казіміра Свёнтака.
На пачатку 2000-х гг. біскуп Казімір выконваў абавязкі адміністратара парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце, дзе адбудаваў у касцёле гістарычныя алтары. Таксама апекаваўся парафіямі ў Маларыце, Століне, Асавой.
З 2013 г. біскуп Казімір Велікаселец служыў у Гомелі, дзе падтрымліваў супольнасць айцоў Ордэна Святога Паўла ў адраджэнні парафіі і касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, які быў зачынены пры савецкай уладзе. Дамогся ад уладаў выдзялення ўчастка зямлі для будаўніцтва новага касцёла і пачаў яго будаўніцтва. Для гэтага ездзіў па Польшчы і збіраў грошы на будоўлю. Гэта быў чацвёрты касцёл, які будаваў Казімір Велікаселец.
З 3 студзеня па 23 кастрычніка 2021 г. выконваў абавязкі Апостальскага адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У сваёй першай прамове на новай пасадзе ў Чырвоным касцёле Мінска сказаў: «Так пражыць жыццё, каб стаць перад Богам з чыстай душой, шанаваць Бога і каму-небудзь што-небудзь харошае зрабіць».
У 2024 г. дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец прымаў удзел ва ўрачыстай святой імшы з нагоды 140-годдзя з моманту асвячэння Пружанскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
10 кастрычніка 2024 г. Папа Францішак вызваліў біскупа Казіміра Велікасельца з пасады дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі ў сувязі з яго пенсійным узростам.
Біскуп-эмерыт Казімір Велікаселец 26 ліпеня 2025 г. блаславіў арган, які нядаўна быў устаноўлены ў касцёле г. п. Лагішын Пінскага раёна. Арган выраблены польскім майстрам, падораны епіскапу Казіміру Велікасельцу ў 2018 г. для санктуарыя Маці Божай Лагішынскай Каралевы Палесся.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф АаіІ
- Жизнь с Богом / [под редакцией епископа Казимира Великосельца]. – Минск : Про Христо, 2012. – 101, [1] с.
- Залатая Горка : [пра старажытныя Залатагорскія могілкі і гісторыю касцёла Святога Роха ў Мінску] / укладальнікі: ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк, Ала Сакалоўская ; пад агульнай рэдакцыяй біскупа Казіміра Вялікасельца]. – Мінск : Рымска-Каталіцкая парафія Святога Сымона і Святой Алены, 2022. – 320, [1] с., [10] л. іл.
- Колодич, А. В Логишинском костеле зазвучит орган : [о новом органе в костеле г. п. Логишин, подаренном епископу Казимиру Великосельцу] / Анна Колодич // Пінскі веснік. 2025. 18 ліпеня. С. 28.
- Шпарла, У. Радаснае свята храма : [біскуп Казімір Велікаселец прыняў удзел ва ўрачыстай Святой Імшы з нагоды свята прыхода] / Уладзіслаў Шпарла // Раённыя будні. Пружаны, 2024. 17 жніўня. С. 1, 9.
- Хокимова, А. Великое призвание Великосельца : [об апостольском администраторе Минско-Могилевской архидиоцезии Казимире Великосельце] / Антонина Хокимова // Вечерний Брест. 2021. 8 января (№ 2). С. 1–
- Великоселец, К. Непротивление злу добром ведёт к торжеству зла: вера мертва без дела, без памяти, без традиций и душевной теплоты : [интервью с апостольским администратором католиков Беларуси епископом Казимиром Великосельцем] / беседу вёл Валерий Казаков // Литературная газета. 2021. 14 апреля (№ 15). Прил.: С. 15– (Белые аисты).
- З любоўю і надзеяй у сэрцы : напярэдадні Вялікдня, які ў гэтым годзе па каталіцкім календары святкуецца 4 красавіка, біскуп Казімір Велікаселец звярнуўся з пастырскім пасланнем «Уваскрэсанне Хрыста – надзея на вечнае жыццё» да прыхаджан Рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі // СБ. Беларусь сегодня. 2021. 3 апреля. С. 3.
- Апостальскім адміністратарам Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі прызначаны біскуп Казімір Вялікаселец // Наша слова. 6 студзеня (№ 1). С. 1.
- Велікаселец, К. У пошуках спрадвечнай прыгажосці / Казімір Велікаселец ; [гутарыла] Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2018. 3 лютага. С. 6.
- Великоселец, К. Епископ Казимир Великоселец: не одним хлебом живет человек : [беседа с епископом-помощником Пинской епархии Римско-католической церкви] / Казимир Великоселец ; записала Олеся Железнякова // Новый Вечерний Гомель. 2014. 24 декабря (№ 52). С. 3.
- Велікаселец, К. Шляхам паклікання / Казімір Велікаселец // Ave Maria : каталіцкі рэлігійны часопіс. 2014. № 9. С. 10–13.
- Великоселец, К. Мария в моей жизни / [Казимир Великоселец ; беседовала] Раиса Сушко // Дыялог. 2013. № 10. С. 19–23.
Рэгіён:
Пружанскі раён
Стараволя
Імёны:
Велікаселец Казімір
Прадметы:
Царкоўныя дзеячы