• Ср. Май 1st, 2024

Пружанская районная библиотека им. М.Засима

ГУК "Пружанская централизованная библиотечная система"

Гэта твая і мая зямля

Падарожжа-віктарына

 

/ відэазастаўка “Пружанскі край” /

Вяд. 1. Пружанская зямля… Узнімаюцца над ёй стройныя сосны, іх вяршыні купаюцца ў залатых промнях сонца, кукуе старадаўняя зязюля, напамінаючы аб вечнасці жыцця і неўміручнасці зямлі, аб сувязі часоў і пакаленняў. Гістарычнае мінулае нашай пружанскай зямлі багата і невычэрпна. У гэтым годзе мы адзначаем 80-годдзе з часу стварэння Пружанскага раёна. І сёння мы запрашаем вас у займальнае падарожжа па роднаму краю.

Вяд. 2. “Наш край ляжыць на скрыжаванні,

Нялёгкі лёс яго спаткаў.

Але ў любых выпрабаваннях

Ён шчырасць сэрца не губляў”.

                                    (А. Дзенісевіч)

Вяд. 1. Першыя гістарычныя ўпамінанні пра “Прушанскую воласць” адносяцца да 1433 года. А пад якой назвай Пружаны былі вядомы ў 1487 — 1589 гг. Падкажыце нам? (Дабучын).

Вяд. 2. Існуе некалькі версій паходжання назвы горада Пружаны. Адна з іх сцвярджае, што назва паходзіць ад слова “проса”, якое ў далёкім мінулым было асноўнай сельскагаспадарчай культурай гэтай мясцовасці.

Вяд. 1. А вось знакаміты гісторык і пісьменнік Юзаф Крашэўскі лічыў, што ў канцы 13-га пачатку 14 ст., ратуючыся ад крыжаносцаў, на гэтыя землі праніклі балцкія плямёны. Як яны называліся? (прусы) Паселішча, якое яны заснавалі, атрымала назву Прусаны ці Прусіяны.

Вяд. 2. У 1519 годзе па ўказе вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога Пружаны ўвайшлі ў склад каралеўскай эканоміі, а ў 1532 годзе гаспадыняй горада стала жонка Жыгімонта І. Як яе звалі? (Бона Сфорца)

Вяд. 1. Ураджэнка Італіі Бона Сфорца адрознівалася прыгажосцю, розумам і адукаванасцю. Падчас яе праўлення ў беларускіх гарадах ўпершыню з’явіліся рэгулярная планіроўка вуліц, вадаправод, развіваліся рамёствы і гандаль.

/ урывак з дакуметальнага фільма “Бона Сфорца” (уклад каралевы ў развіцце беларускіх гарадоў)

Вяд. 2. Назва Пружаны замацавана за горадам у 1589 г. пры выдачы яму каралевай Ганнай, дачкой Бонны Сфорцы, Магдэбургскага права. У адпаведнасці з прывілеем гораду ўручаўся герб — на сярэбраным полі шчыта звілістая блакітная вужака паглынае малое дзіця. Існуе легенда аб паходжанні герба. Можа хто ведае яе? (удзельнікі мерапрыемства адказваюць)

Вяд. 1. Так, каралева Бона ехала з экіпажам па мосце. Але мост праваліўся. Змей, які нібыта жыў у рацэ, схапіў хлопчыка, сына каралевы, і вада пакрыла іх. Тады, выратоўваючы сына, каралева загадала насыпаць запруду на рацэ.

Калі вада спала, людзі ўбачылі загінуўшых хлопчыка і ваяводу, які кінуўся яго выратоўваць. Тут з’явіўся змей. Насустрач яму выйшаў Янка- палясоўшчык і перамог яго. I тады каралева сказала: “Забірай землі навокал гэтых запруджанняў і жыві тут”.

Вяд. 2. Увогуле, шмат легенд і паданняў існуе ў нашым краі. А ёсць яшчэ і легенды ўнікальныя, падобных няма нідзе. Напрыклад, легенда пра Балотную княгіню. Раз у год, у той час, калі снег яшчэ толькі пачынае сходзіць з палёў, а абуджаныя вясною дрэвы яшчэ стаяць голыя, уздрыгваючы пад халодным ветрам, паміж дзвюма высокімі хваінамі, што знаходзяцца на шляху ад Пружан да Ражковічаў, з’яўляецца Балотная Княгіня і пачынае шукаць сваю ахвяру. І менавіта ў гэты час у тыя мясціны трапляе мужчына, які за жыццё сваё ўчыніў шмат грахоў у адносінах да жанчын. Яго чакае Балотная княгіня на справядлівы суд. Так гаворыць старое паданне.

Вяд. 1. Мяркуем, што кожны з нас павінен ведаць свой край, гісторыю, легенды і паданні  свайго народа, бо яны – частка яго культуры. І калі ў вас узнікне жаданне больш падрабязней пазнаёміцца з легендамі роднага краю, то прапануем вашай увазе шэраг кніг, якія вы знойдзеце ў бібліятэках нашага горада: “Беларуская міфалогія” (энцыклапедычны слоўнік), “Белая Русь” (гісторыя Беларусі ў легендах і паданнях), “Беларускі фальклор” (энцыклапедыя), “Бяздоннае багацце” (легенды, паданні, сказы), “Дрэва кахання” (легенды, паданні, сказы) і “Легенды і паданні Пружанскага краю” (літаратурна-краязнаўчы зборнік).

Вяд. 2. XVII ст. стала разбуральным для Пружан — пасля руска-польскай (1654-1667) і іншых войнаў у мястэчку засталося ўсяго 92 дамы. Менавіта ў гэты час на Пружаншчыне па прывілею караля Уладзіслава IV сталі сяліцца… Хто, як вы лічыце? (удзельнікі мерапрыемства адказваюць) Яўрэі, якія аказалі значны ўплыў на жыццё рэгіёну да 40-х гг. XX ст.

Вяд. 1. Паўночная вайна паміж Расіяй і Швецыяй, якая доўжылася з 1700 па 1721 год і палітычныя міжусобіцы прывялі да таго, што Пружаны ў канцы XVIII ст. увайшлі ў склад Расійскай імперыі.

Вяд. 2. І ў 1845 годзе атрымалі новы герб. Можа, хто ведае які? (удзельнікі мерапрыемства адказваюць) У яго апісанні сказана: “Шчыт падзелены на дзве паловы: у верхняй змешчаны гродзенскі герб (у чырвоным полі залаты зубр), а ў ніжняй у жоўтым полі намалявана елка, і на адной з галін яе сярэбраны рог. Рог і елка паказваюць на вядомы Белавежскі лес, які знаходзіцца паблізу горада Пружаны”. У 1998 годзе старадаўні герб быў адноўлены і цяпер з’яўляецца асноўным сімвалам горада.

Вяд. 1. Вайна 1812 года вогненным смерчам прайшлася па Пружанскай зямлі. Аднак жыццеўстойлівасць і працавітасць людзей ізноў адрадзілі старадаўняе паселішча.

Вяд. 2. У пачатку XIX ст. уласнікам Пружан стала сям’я землеўладальнікаў Швыкоўскіх. Малады прадстаўнік роду Валенцій у пачатку 1850-х гг. запрасіў польскага архітэктара Францішка Ланцы і на месцы драўлянага дома пабудаваў цагляную сядзібу, якую цяпер называюць … Як, хто ведае? (Пружанскі палацык)

/ урывак з тэлеперадачы “Маршрут построен. Пружаны” (аб Пружанскім палацыку) /

Вяд. 1. Зараз у палацыку размешчаны музей. У ім ёсць этнаграфічная зала, іконная. Ладзяцца перасоўныя выставы і выставы розных мастакоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Вяд. 2. Дзякуючы Валенцію Швыкоўскаму, акрамя палаца, у Пружанах быў пабудаваны ў 1883 годзе касцёл Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Пасля Другой Сусветнай Вайны касцёл быў зачынены. І ў ім быў арганізаваны Дом Культуры. Толькі ў 1993 храм быў вернуты вернікам. Зараз касцёл працягвае функцыянаваць і знаходзіцца ў выдатным стане.

Вяд. 1. У другой палове XIX ст. Пружаны хутка развіваліся. Тут працавалі піваварны, маслабойны, цыгарэтны, мукамольны і мылаварны заводы, горад славіўся, як цэнтр ганчарства. Якая кераміка прынесла гораду асаблівую вядомасць? (чорнаглянцавая)

Вяд. 2. Асаблівай павагай і папулярнасцю ў Пружанскім раёне некалі карыстаўся майстар-ганчар Антон Такарэўскі. Нарадзіўся ў Пружанах, дзе жыў з 1904 г. па дзень смерці – 10 кастрычніка 1984 года. Усё яго жыццё звязана з Пружанамі. Ганчарнае рамяство для Антона Такарэўскага было спадчынным. Пераходзіла яно ад бацькі да сына, ад сына да ўнука, і так на працягу 500 гадоў. Ягоныя вырабы захоўваюцца ў шматлікіх калекцыях і ў лепшых музейных зборах ЗША, Канады, Японіі, Санкт-Пецярбурга, Масквы, Мінска. Вырабы Антона Такарэўскага – гэта сапраўдныя творы мастацтва, вынік штодзённай крапатлівай працы ў спалучэнні з талентам.

Вяд. 1. Гістарычны цэнтр Пружан забудоўваўся ў канцы XIX ст. У 1866 годзе завяршылася ўзвядзенне сабора. Можа, хто ведае якога? (сабор Аляксандра Неўскага) Пабудаваны сабор па праекту архітэктара Міхайлоўскага. Адной са славутасцей сабора з’яўляецца цудатворная ікона Божай Маці.

Вяд. 2. 9 красавіка 1934 г. пасля вячэрняй службы на іконе Божай Маці заблішчэў вільготны струмень, які пабег з яе вачэй. Усумніўшыся ў цудзе, хтосьці працёр хусткай ікону, але слёзы выявіліся ізноў. Цудатворная ікона размешчана ў правым прыдзеле сабора. Дзякуючы дбайным адносінам настаяцеляў і вернікаў сабор Аляксандра Неўскага з’яўляецца сапраўдным упрыгожаннем горада.

Вяд. 1. Насупраць сабора знаходзяцца гандлёвыя рады, якія з’явіліся аж у 1556 г. У іх гандлявалі рознымі прадуктамі сельскай гаспадаркі, рамеснымі вырабамі. Пажары, якія былі ў горадзе ў 1800 і 1823 гг., знішчылі гандлёвыя рады. Але іх зноў пабудавалі ў 1896 годзе па праекце архітэктараў Міхайлоўскага і Савіча. Як яны называюцца зараз? (Белыя лаўкі)

/ урывак з тэлеперадачы “Маршрут построен. Пружаны” (аб Белых лаўках) /

Вяд. 2. У ХХ ст. Пружаны ўступілі развітым горадам, у якім пражывала больш за 7600 чалавек, у тым ліку больш за 5000 яўрэяў. Працавалі 14 дробных прадпрыемстваў, бальніца, гарадское і духоўнае вучылішчы.

Вяд. 1. З пачаткам Першай сусветнай вайны Пружанская зямля апынулася ў прыфрантавой зоне. Пачалося масавае бежанства ва ўсходнія рэгіёны Расіі. У пачатку жніўня 1915 года ў горад увайшла нямецка-аўстрыйская армія, акупацыя доўжылася да 1919 года. Затым на працягу двух гадоў Пружаны займалі то польскія, то савецкія войскі. У 1921 г. паводле Рыжскага мірнага дагавору, тэрыторыя Заходняй Беларусі ўвайшла ў склад… Якой краіны? (Польшчы) Пружаны сталі цэнтрам павета Палескага ваяводства II Рэчы Паспалітай.

Вяд. 2. Праз 18 гадоў у 1939 годзе Пружанскія землі ўвайшлі ў склад БССР. 15 студзеня 1940 года ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР у заходніх абласцях рэспублікі замест паветаў былі створаны раёны. Раённымі цэнтрамі сталі Пружаны, Шарашэва і Ружаны.

/ урывак з дак. фільма “100 лет БССР” (пачатак ВАВ) /

Вяд. 1. Пружанская зямля з першых гадзін Вялікай Айчыннай вайны апынулася ў агні пажарышчаў і стала месцам жорсткіх баёў. Раніцай 22 чэрвеня ў бой з фашысцкімі захопнікамі ўступілі лётчыкі 33-га знішчальнага авіяпалка, які дыслакаваўся пад Пружанамі. Менавіта тады адзін з лётчыкаў здзейсніў адзін з першых паветраных таранаў у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Назавіце імя гэтага лётчыка. (Сцяпан Мітрафанавіч Гудзімаў)

Вяд. 2. У 1968 г. ён пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені. У 1972 г. у гонар подзвіга С. М. Гудзімава быў пастаўлены абеліск у скверы па вул. Чырвонаармейскай. А на ўскраіне горада, недалёка ад шашы на Ружаны, стаіць помнік, прысвечаны лётчыкам 33-га знішчальнага авіяпалка, якія 22 чэрвеня ў паветраным баі збілі 5 варожых самалётаў. Падкажыце нам назву помніка (помнік савецкім воінам).

Вяд. 1. Акупанты занялі Пружаны 22 чэрвеня.  Пачаліся масавыя растрэлы ваеннапалонных, савецкіх актывістаў і грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці.

Вяд. 2. На тэрыторыі Пружанскага раёна толькі за першыя шэсць месяцаў Вялікай Айчыннай вайны было знішчана больш за тысячу яго жыхароў і спалена ажно 25 вёсак.

Вяд. 1. Каб увекавечыць у памяці нашчадкаў гады ВАВ, падчас якой у раёне было спалена 58 вёсак, у горадзе Пружаны быў устаноўлены помнік спаленым вёскам. У якім годзе? (2005 годзе) Перад вачыма паўстае велічны манумент у выглядзе вялікага крыжа, які высечаны ў пліце чорнага граніту. Ля яго падножжа гарыць агонь. На гранітным пастаменце золатам высечаны словы “Навечна ў памяці”.

Вяд. 2. У гады акупацыі жыхары раёна  нягледзячы ні на што вялі барацьбу з захопнікамі. Ужо ў 1941 годзе ў Пружанах быў арганізаваны падпольны антыфашысцкі камітэт, а ў 1943 годзе — падпольны райкам партыі, які выдаваў газету “Новы шлях” і трымаў сувязь з партызанскімі групамі. У 1944 годзе партызанскі рух у раёне налічваў каля дзесятка атрадаў у складзе двух брыгад.

Вяд. 1. Пружаны былі вызвалены часткамі 28-й арміі 1-га Беларускага фронта. Калі? (17 ліпеня 1944 года) Наступствы вайны былі трагічнымі: каля 3 тысяч жыхароў Пружаншчыны загінулі на франтах, каля 20 тысяч — ад рук гітлераўцаў на акупаваных тэрыторыях.

/ урывак з дак. Фільма “100 лет БССР” (вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкай акупацыі) /

Вяд. 2. У 1945 годзе кожная беларуская сям’я радавалася вялікай перамозе і з надзеяй глядзела ў будучыню. Безумоўна, пасляваенны перыяд – неймаверна цяжкі час, калі трэба было аднаўляць усе здабыткі даваеннага жыцця. Пружаны былі разбураны на 70%. У пачатку аднавілі працу раймаслопрома. Назавіце яго цяперашнюю назву (Пружанскі малочны камбінат).

Вяд. 1. У 1946 годзе быў адкрыты харчкамбінат – зараз гэта кансервавы завод. У 1967 годзе ў Пружанах, дзе дыслацыравалася шмат вайсковых частак, быў пабудаваны завод радыёдэталяў, у наступныя гады з’явіліся льнозавод, камбінат будматэрыялаў, камбінат бытавых паслуг, шматлікія ўстановы адукацыі, аховы здароўя і культуры.

Вяд. 2. А колькі прадпрыемстваў прамысловага комплексу зараз налічваецца на тэрыторыі раёна? (9). Паспрабуйце іх назваць. Некаторыя мы ўжо называлі (ААТ «Пружанскі малочны камбінат», ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў», ФПР «Камбінат кааператыўнай прамысловасці», ТПУП «Белавежскія віны», ААТ «Пружанскі кансервавы завод», ААТ «Пружанскі льнозавод», Пружанскае КУВП «Камунальнік», СТАА «Данон Пружаны», ТАА «Нетканый мир”).

Вяд. 1. На тэрыторыі Пружаншчыны завяршылася эпоха СССР. У глыбіні Белавежскай пушчы ва ўрадавай рэзідэнцыі “Віскулі” 8 снежня 1991 года кіраўнікі Расійскай, Беларускай і Украінскай рэспублік падпісалі пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў, тым самым паклаўшы канец Савецкаму Саюзу.

Вяд. 2. XXI стагоддзе ўнесла новыя, сучасныя фарбы ў палітру раённага цэнтра. 2003 стаў знамянальным у гісторыі Пружан — тут адбыўся рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі. Як ён называўся? (“Дажынкі”)

/ урывак з дак. фільма “Пружаны. Дажынкі” /

Вяд. 1. У 2007 г. у Пружанах пабудаваны цудоўны Лядовы палац. Ён стаў папулярным месцам для трэніровак спартсменаў, адпачынку шматлікіх аматараў здаровага ладу жыцця. Гэта быў першы Лядовы палац, пабудаваны ў раённым цэнтры Беларусі.

Вяд. 2. У 2010 годзе адбылося адкрыццё пышнага сучаснага збудавання з басейнам і аквапаркам. Назавіце яго (Водны палац). Пружаны сталі другім на Брэстчыне раённым цэнтрам, дзе з явіўся аквапарк.

Вяд. 1. У 2009-2010 гг. была пабудавана і ўведзена ў строй першая ў краіне міні-ЦЭЦ на мясцовых відах паліва. Штогод інфраструктура горада папаўняецца новымі аб’ектамі — горад жыве насычаным жыццём.

Вяд. 2. Вельмі багата Пружанская зямля і на таленты. Мы па праву ганарымся імёнамі нашых паэтаў, пісьменнікаў, навукоўцаў, музыкаў, мастакоў, майстроў-рамеснікаў. Усіх назваць немагчыма. Мы ўспомнім толькі некалькі імёнаў.

“Пружаны, Вы далі ўзлёт

Пляядзе геніяў ад Бога.

Крашэўскія і Шырма свой палёт

Тут пачалі ад вашага парога”.

                            (В. Макарчук)

Вяд. 1. Сярод знакамітых імёнаў, якія навечна ўпісаны залатымі літарамі ў гісторыю беларускай культуры, з поўным правам яркай зорачкай свеціцца імя… Каго, як вы лічыце? (Рыгора Раманавіча Шырмы). Невялікая вёсачка Шакуны, у якой ён нарадзіўся, стала першай крыніцай, з якой ён чэрпаў бясцэнныя скарбы народнай творчасці. Усе свае сілы Р.Р.Шырма аддаў развіццю беларускай культуры, беларускага песеннага мастацтва. Па вёсках усёй Беларусі збіраў ён народныя песні. Як стваральнік акадэмічнай харавой капэлы, Р.Р. Шырма вядомы ўсяму свету. Разам з яго капэлай спявала, плакала і замірала ў захапленні душа таго, хто яе слухаў, ачышчаючыся ў высокім полыме мастацтва.

Вяд. 2. Міхась Забэйда-Суміцкі. Яшчэ адна сусветна вядомая зорка ў беларускім песенным мастацтве. Жыццёвыя карані Забэйды-Суміцкага пачыналіся на Ружаншчыне, з якой спявак да канца дзён быў звязаны духоўнымі ніткамі. Выдатны голас яго гучаў у тэатрах Харбіна, Мілана, Варшавы, Прагі, Вільні. Ён спяваў на 16-ці мовах, але заўсёды аддаваў перавагу беларускім песням.

Вяд. 1. На ўвесь свет праславіла горад Пружаны беларускі савецкі мастацтвазнаўца. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея БССР Алена Васільеўна Аладава. Зборная дзейнасць А.В. Аладавай вырасла далёка за межы простага калекцыянавання. У гэтым ёй не было роўных. Ужо адно тое, што створаная ёю калекцыя стала асновай цяперашняга Мастацкага Нацыянальнага музея, робіць імя гэтай жанчыны годнай доўгай памяці нашчадкаў.

Вяд. 2. Далёка за межамі Беларусі вядома імя мастачкі, дзіцячыя і юнацкія гады якой прайшлі ў вёсках Лыскава, Магілёўцы і Ружанах. Старэйшы беларускі графік, член Беларускага саюза мастакоў. Творы яе захоўваюцца ў Нацыянальным Мастацкім музеі Беларусі. Вядома пераважна як мастак дзіцячай кнігі. Яна чалавек дзівоснага творчага лёсу, які ўнёс вялікі ўклад у скарбніцу беларускага выяўленчага мастацтва. Можа хто ведае яе імя? (Алена Георгіеўна Лось)

Вяд. 1. Станіслаў Жукоўскі, вялікі жывапісец, мастак з шырокім дыяпазонам творчасці — майстар пейзажнага, інтэр’ернага і партрэтнага жывапісу. У дзяцінстве і юнацтве жыў з бацькамі ў шляхетнай сям’і пад Пружанамі ў маёнтку Старая Воля. Станіслаў Жукоўскі адзін з самых буйных і таленавітых пейзажыстаў першай чвэрці ХХ стагоддзя. Ён пакінуў вялікую мастацкую спадчыну (каля 670 карцін). Ніхто, нават вялікі Левітан, не маглі паўтарыць яго прыёмы і тэхніку ў стварэнні твораў жывапісу.

Вяд. 2. Быць паэтам – то не вельмі лёгка:

Сэрцам трэба многае адчуць,

Каб радок ніводзін не быў крохкім,

А каб важкім быў, жывым, як ртуць.

 

Быць паэтам – то не вельмі лёгка:

Ў сэрца трэба ўлезці, сэрца трэ аддаць.

Ды якое шчасце і палёгка.

Калі любяць верш твой пачытаць!

                                                      (М. Засім “Быць паэтам”)

Вяд. 1. Паэт-самародак з вёскі Шані першым з пружанцаў быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі яшчэ ў далёкім 1945 годзе. Ён адзіны паэт у Беларусі, які адлюстраваў партызанскую эпапею ад яе пачатку да канца, стварыў паэтычны летапіс барацьбы ў заходніх абласцях Беларусі. Назавіце яго імя? (Мікола Засім)

Вяд. 2. Паэт Мікола Антаноўскі. Хоць нарадзіўся ён на Піншчыне, мы па праву лічым яго сваім земляком. Бо з 1982 года ён жыве ў Пружанах. І гэта яна, наша Пружанская зямліца, стала надзейнай крыніцай яго творчасці. Тут ён стаў у 1996 годзе членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, выдаў два зборнікі паэзіі “Святаяннік” і “Падсочаны бор”. Крытыкі адзначаюць іх як прыкметную з’яву ў сучаснай беларускай паэзіі.

Вяд. 1. Беларускі паэт і празаік Мікола Купрэеў. Мелодыі яго песень гучаць і сёння: пасмяротна выдаюцца яго кнігі і нават пераводзяцца на іншыя мовы краін замежжа. Больш чым за 30 гадоў літаратурнай працы Мікола Купрэеў аставіў пасля сябе 2 зборнікі паэзіі – “Непазбежнасць” і “Правінцыйныя фантазіі” і зборнік празаічных твораў “Палеская элегія”.

Вяд. 2. З поўным правам мы называем сёння сярод знакамітых імёнаў Пружанскага краю народнага майстра Беларусі Мікалая Васільевіча Тарасюка. Гэта яму прысвяціла сваю цудоўную кнігу “Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка” Вольга Лабачэўская.  Ні для кога не сакрэт, што вёска на сённяшні дзень не самае прывабнае месца для моладзі. Нашы вёскі не маладзеюць, а старэюць і паміраюць. Адна з такіх вёсак – вёска Стойлы Пружанскага раёна, у якой некалі было 46 двароў, а потым жыў толькі адзін майстар  — Мікалай Васільевіч Тарасюк.

Вяд. 1. Мікалай Васільевіч адзін з тых людзей, хто не хацеў і не мог змірыцца з тым, што яго вёска забудзецца і сатрэцца з людской памяці. Каб гэтага не адбылося, ён пабудаваў у вёсцы музей і даў яму назву “Успаміны бацькаўшчыны”. Музей – гэта простая сялянская хата, у якой жыве больш двухсот чалавек. Праўда, гэтыя людзі ростам дзесьці 20 см. (за выключэннем лялькі Марусі, рост якой 164 см.), таму ім там зусім не цесна. І кожны з гэтых людзей займаецца сваёй справай: хто арэ, хто сее, хто будуе хату. Нехта з іх працуе грамадой, нехта па адзіночку. А ўсе разам яны нам паказваюць сялянскае жыццё, якое заўсёды складалася як з працы, так і са свята.

/ урывак з дак. фільма “Гаспадар”(драўляны люд М. Тарасюка)/

Вяд. 2. Народны майстар Беларусі, якая малюе, пляце прыгожыя вырабы з саломкі, выразае і выпальвае па дрэве, вышывае і вяжа кручком і пруткамі. Тчэ цудоўныя паясы. Ды і гэта яшчэ не ўсё. Яшчэ яна займаецца роспісам па шкле і авалодала навыкам выцінанкі. Хто ведае яе? (Марыя Мікалаеўна Кулецкая)

Вяд. 1. Час няўмольна ляціць наперад, і з кожным новым днем расцвітае наша Пружаншчына, робіцца багацейшай і прыгажэйшай. І па-ранейшаму багата наша зямліца на шчодрых і таленавітых людзей.

Вяд. 2. Патрапіўшы ў Пружанскі край, апыняешся сярод непаўторнай, багатай і велічнай прыроды. Тут можна знайсці выдатныя, не кранутыя цывілізацыяй куткі: лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, рэкі і азёры. Шануйце свой край! І ганарыцеся ім!

Складальнік: нам. дырэктара ДУК “Пружанская ЦБС” Кумакова В.В.

Крыніцы.

  1. Алена Лось : жывапіс, графіка / уклад. Уладзімір Ягоўдзік. – Мінск : Выдавец М. Ягоўдзік, 2009. – 80 с.
  2. Быцко, Л. Мікалай Тарасюк і яго драўляны люд / Ларыса Быцко // Культура. – 2003 – 18 — 24 студзеня. – С. 16.
  3. Гайдукевич, Леонид Агроэкотуризм в Беларуси : состояние и перспективы развития [Электронный ресурс] / Леонид Гайдукевич. — Режим доступа : https://www.ictsd.org.
  4. Елена Аладова. Музей — ее судьба : воспоминания, документы, исследования / [ред. Борис Крепак]. — Минск : Мастацкая лiтаратура, 2006. – 318 с. : ил. — (Беларусь мастацкая).
  5. Засім, М. А за намі Белавежа : вершы і паэма / М. Засім. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. – 126 с.: іл.
  6. Лабачэўская, В. А. Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка: альбом-манаграфія / В. А. Лабачэўская – Мінск : Литература и Искусство, 2008. – 176 с. : іл.
  7. Легенды і паданні Пружанскага краю : літаратурна-краязнаўчы зборнік / уклад. Н. К. Шабуня. – Пружаны, 2008. – 84 с.
  8. Несцярчук, Л. М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х-ХХ стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. – Мінск : БЕЛТА, 2002. – 334 с.
  9. Памятники города Пружаны [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http://pomniki.by.
  10. Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна / пад рэд. І. П. Шамякін ; маст. А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭ, 1992. – 455 с.: іл.
  11. Пружанский край. Ожерелье Беловежской пущи. – Брест : ООО “Рекламно-информационное агенство “Вечерний Брест”, 2019. – 96 с. : ил.
  12. Пружанский район : история нашего времени. – Брест : ОАО “Брестская типографич”, 2014. – 59 с.
  13. Пружаны [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://vedaj.by.
  14. Шабуня, Н. К. Народны майстар Беларусі, сялянскі філосаф і мастак Мікалай Тарасюк : літаратурна-краязнаўчае выданне / Н. К. Шабуня. – Пружаны, 2009. – 19 с.

Поделиться новостью: